ТАКА́РНАЕ РАМЯСТВО́,

выраб рэчаў быт. і маст. прызначэння на такарным станку. Засн. на апрацоўцы разцом загатоўкі з дрэва, косці, металу, каменю і інш., прыведзенай у вярчальны рух. Часта спалучаецца з разьбой, інкрустацыяй, гравіраваннем, паліраваннем, размалёўкай і інш. Здаўна пашырана ў многіх народаў свету. Шырока вядомы хахламское і полхаўска-майданскае (Расія) Т.р. ў спалучэнні з размалёўкай, гуцульскае (Украіна) — з разьбой і інш.

На Беларусі прасцейшыя такарныя станкі ўвайшлі ў практыку з 11—13 ст., тады ж Т.р. вылучылася ў самаст. рамяство. З дрэва і косці тачылі дробныя прадметы (посуд, гузікі, шахматы, тронкі нажоў і інш.), нярэдка аздаблялі гравіраваным арнаментам. Шмат бел. майстроў-токараў у 17 ст. працавалі ў Маскоўскім Крамлі, дзе яны выраблялі драўляныя дэталі мэблі, арх. ўбранства, шахматы, чарніліцы, парахоўніцы са слановай косці. У 19—1-й пал. 20 ст. Т.р. пашырылася ў нар. побыце; у многіх выпадках было дапаўненнем у сталярным, бандарным, стальмашным рамёствах. Т.р. нярэдка займаліся цэлыя вёскі. Тачылі сталовы посуд (міскі, талеркі, ступкі, сальніцы, бочачкі), быт. прадметы (попельніцы, люлькі, падсвечнікі, бязмены), вытв. прылады (калаўроты, верацёны), дэталі мэблі, трансп. сродкаў, арх. аздаблення і інш. Найб. выкарыстоўваўся даўні варыянт такарнага станка, які ўяўляў сабою 2 стойкі з метал. стрыжнямі, паміж якімі гарызантальна заціскалі загатоўку. Вярчальны рух ёй надаваў шнур (рэмень, вяроўка), што ахопліваў загатоўку і адным канцом мацаваўся ўверсе да спружыністага рычага (жэрдкі, заткнутай за бэльку), другім — да дошкі, што ляжала на падлозе. Націскаючы нагой на дошку, прыводзілі ў вярчэнне загатоўку і апрацоўвалі яе разцом. Дробныя вырабы (верацёны, рукаяткі інструментаў) выточвалі на ручным варыянце станка—смыку. У наш час Т.р. (пераважна з дрэва) развіваецца на некат. ф-ках маст. вырабаў, ім займаюцца нар. майстры, якія вырабляюць рэчы быт., сувенірнага, утылітарна-маст. прызначэння.

Літ.:

Сахута Я. Такарныя вырабы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №1.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Такарнае рамяство. Такарны станок.
Да арт. Такарнае рамяство. Вырабы з с. Полхаўскі Майдан і с. Круцец Ніжагародскай вобл. Расія. 1970-я г.
Да арт. Такарнае рамяство. Вырабы з размалёўкай. Брэсцкая фабрыка сувеніраў. 1980-я г.

т. 15, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)